ТОП 10 ПАДЗЕЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ 2018

29.12.2018

Want create site? Find Free WordPress Themes and plugins.

“Мяккая Беларусізацыя” Года: БНР#100

Маштабнае святкаванне Дня Волі, прысвечанае 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), адбылося 25 сакавіка, перад Оперным тэатрам у Мінску. Арганізаваная грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі партыямі, імпрэза, па некаторых падліках, сабрала да 50,000 удзельнікаў. Упершыню за шмат гадоў гэты дзень адбыўся ў фармаце свята і быў дазволены ў цэнтры сталіцы. Краўдфандынгавая кампанія Дня Волі сабрала $25,000 і пабіла нацыянальны рэкорд па колькасці ахвярадаўцаў (больш за 2,000 чалавек).

Уцягненне Года: Грамадзянская Супольнасць Узмацняе Голас

На міжнародным форуме “Усходняя Еўропа: У пошуках бяспекі для ўсіх” у траўні 2018 года выступіў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Арганізаваны экспертнай ініцыятывай “Мінскі дыялог”, форум сабраў каля 500 экспертаў з усяго свету, каб абмеркаваць выклікі для рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. Чыноўнікі вышэйшага рангу былі заўважаны таксама на іншых імпрэзах грамадзянскай супольнасці: прэм’ер-міністр Сяргей Румас адкрываў Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва, GEW; першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын – Кастрычніцкі эканамічны форум, KEF.

Грамадзянскае Дзеянне Года: Гендарныя Ініцыятывы 

Як мінімум, дзве новыя гендарныя ініцыятывы ўзніклі ў 2018 годзе ў адказ на дзеянні чыноўнікаў. Сэксісцкае выказванне дзяржаўнага журналіста пра “дам, удобных в быту» на адрас каляжанак з незалежных медыя стала вірусным у сацыяльных сетках і дало пачатак фемінісцкаму арт-праекту. Кампанія “Маршыруй, дзетка!” узнікла пасля таго, як прэзідэнт Лукашенка раскрытыкаваў законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту; цяпер кампанія рыхтуе публічны марш, каб паказаць, што праблема з’яўляецца актуальнай для многіх беларусаў.

Лакальныя Ініцыятывы Года: Грамадзяне Дзейнічаюць 

Рост мясцовага актывізму працягваецца ў Беларусі і праяўляецца найбольш востра, калі парушаюцца правы жыхароў. У вёсцы Калодзішчы грамадзяне супрацьстаяць будаўніцтву завода, які пагражае зялёнай зоне побач з іх дамамі. У Брэсце мітынгі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода збіраюць сотні людзей. Пікетаванне ў Курапатах цягнецца ўжо больш за паўгады: актывісты дамагаюцца закрыцця рэстарану, пабудаванага побач з месцам пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Фандрайзінг Года: Платформа “Імёны”

“Імёны” – некамерцыйная платформа, вядомая сваёй інавацыйнай дзейнасцю ў краўдфандынгу.
Пачынаючы як анлайн-часопіс пра людзей у нядолі, “Імёны” прыцягнулі больш за $700,000 на падтрымку сацыяльных праектаў і ўласную дзейнасць. У 2018 годзе супольна з камерцыйным банкам “Імёны” запусцілі ўнікальны праект: 0,5% ад кожнай пакупкі кліентаў банка ідзе на падтрымку сацыяльных праектаў. Зараз “Імёны” трансфармуюцца ў фонд, які будзе дапамагаць праектам вырастаць ва ўстойлівыя сацыяльныя ініцыятывы.

Інклюзія Года: Саша Аўдзевіч і Школа “Інклюзіўны Барыста”

Саша Аўдзевіч, інвалід-вазочнік, з’яўляецца яскравым прыкладам таго, што людзі з інваліднасцю могуць жыць поўным жыццём. Саша падарожнічае па свеце, вядзе блог на YouTube  ініцыюе праекты для “нябачных” для грамадства людзей. У 2018 годзе Саша стварыў першую Школу “Інклюзіўны барыста”, якая дапамагае вазочнікам атрымаць новую прафесію. Яшчэ адзін стартап рэалізуецца сумесна з абутковай фабрыкай: частка прыбытку ад продажу кожнай пары абутку ідзе на дабрачыннасць.

Рэпрэсіі Года: Незалежныя медыя

У 2018 годзе незалежныя медыя сталі фокусам пераследу з боку ўладаў. Цягам года журналісты атрымалі больш 100 штрафаў – болей, чым калі-небудзь раней. У жніўні прайшла хваля ператрусаў офісаў буйнейшых незалежных СМІ і затрыманняў у межах так званай справы БелТА – крымінальнага расследавання за несанкцыянаваны доступ да платнай навіннай стужкі агенцтва БелТА. 14 з 15 журналістаў былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці, сплаціўшы штрафы, аднак галоўная рэдактарка TUT.BY па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе абвінавачанай. На пачатку года апазіцыйны сайт Charter97.org быў заблакаваны ў Беларусі.

“Ніколі Раней” Года: Справаздача Беларускіх Уладаў Перад Камітэтам па Правах Чалавека ААН

Беларускія ўлады прэзентавалі краінавую справаздачу на 124-й сесіі Камітэта па правах чалавека ААН у кастрычніку ў Жэневе. Апошні раз урад трымаў справаздачу перад Камітэтам больш за 20 гадоў таму, хаця Беларусь як удзельніца Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязана перыядычна рабіць справаздачы ў межах Пакта. Беларуская праваабарончая кааліцыя падрыхтавала альтэрнатыўную справаздачу.

Даследаванне Года: Колькасць Прыхільнікаў Рынкавай Эканомікі Павялічылася Ўдвая за 10 год

Палова беларускага грамадства часткова ці цалкам падтрымлівае рынкавую эканоміку, згодна з даследаваннем каштоўнасцяў беларусаў у 2018 годзе. Сёння беларусы вераць, што асноўная задача дзяржавы – гэта “даваць магчымасць зарабляць”. Такім чынам, за апошнія 10 гадоў колькасць людзей, якія падзяляюць прынцыпы рынкавай эканомікі, падвоілася. Ці сведчыць гэта пра адыход беларускага грамадства ад патэрналізму? Даследаванне было прадстаўлена Даследчым цэнтрам ІПМ напярэдадні Кастрычніцкага эканамічнага форума.

І Нешта Зусім Незвычайнае: Наступаючы на Тыя ж Самыя Граблі?

500,000 беларусаў занесеныя ў базу дармаедаў. Спіс “не занятых у эканоміцы” быў складзены да пачатку снежня ў адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” . Нагадаем, што раней скасаваны дэкрэт №3 аб увядзенні “падатку на сацыяльнае ўтрыманства” ў 2017 годзе справакаваў масавыя пратэсты па ўсёй краіне, калі падатковыя органы разаслалі “лісты шчасця” 470,000 беларусам. Высновы не зробленыя.

Скачать ТОР-10 па-беларускупа-ангельскупа-руску.

Did you find apk for android? You can find new Free Android Games and apps.