Новыя медыі як інструмент папулярызацыі грамадскай дзейнасці

20.12.2018

Want create site? Find Free WordPress Themes and plugins.

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт, загадчык аддзела палітыкі газеты «Белорусы и рынок»

У недапісаным артыкуле ў англамоўнай Вікіпэдыі адзначаецца, што тэрмін new media першапачаткова апісваў з’яўленне лічбавых, камп’ютэрных ці сеткавых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій напрыканцы ХХ стагоддзя.

Ёсць альтэрнатыўны тэрмін – сацыяльныя медыя – гэта медыя, якія дазваляюць размаўляць любым людзям без якіх-небудзь дадатковых грашовых укладанняў. Гэта Twitter, сацыяльныя сеткі, блогі – усё, што мае ў сабе магчымасць такога каментавання, прамых зносін.

Блогі і благасфера

Што такое блог. Паводле вызначэння, блог – гэта персанальны сайт, змест якога складаецца ў парадку, супрацьлеглым храналагічнаму. Апошняе дапаўненне не ёсць догмай, але 90% блогаў ствараюцца менавіта такім чынам: новыя запісы, ці «пасты», трапляюць на верх старонкі, што дазваляе лёгка адсочваць змены. У большасці выпадкаў наведвальнікі сайтаў могуць даведацца прозвішча аўтара, але гэта можа быць як рэальнае імя, так і сталы псеўданім — «нікнэйм». У благасферы нават нікнэймы маюць (альбо не маюць) свайго аўтарытэта.

Як правіла, наведвальнікі могуць пакінуць свае каментары, якія будуць даступныя ўсім. Праўда, ёсць і выключэнні, бо часам блогі вядуцца ў закрытых прасторах, дзе пакінуць каментары ці проста нешта прачытаць могуць толькі сябры.

Што такое благасфера. Блогі вольна злучаюцца паміж сабой з дапамогай гіперспасылак. У выніку кожны блогер з’яўляецца часткай глабальнай сеткі – благасферы. Паводле New-York Times, кожную секунду ў свеце адкрываецца новы блог.

“Кіты” блогінгу. Існуе шэсць «кітоў» блогінгу (паводле Robert Scouble, Shel Israel. Naked Conversations. How Blogs Are Changing the Way Businesses Talk with Customers):

Лёгкасць публікацыі. Блог можа апублікаваць кожны. Гэта каштуе нядорага і дае магчымасць пісаць там часта. Кожны пост будзе імгненна дасягальны ўсяму свету.

Даступнасць. З дапамогай пошукавых сістэм людзі могуць шукаць блогі па тэмах, аўтарах або па тым і тым. Чым больш вы посціце, тым больш даступнымі робіцеся.

Сацыяльны характар. Благасфера – адна вялікая размова. Цікавыя актуальныя гутаркі пераходзяць з сайту на сайт і спасылаюцца адна на адну. З дапамогай блогаў людзі з агульнымі інтарэсамі будуюць сяброўскія зносіны і пераадольваюць геаграфічныя межы.

Вірулентнасць. Інфармацыя часта распаўсюджваецца па блогах хутчэй, чым праз інфармагенцтвы. Ні адна форма віруснага маркетынгу не мае хуткасці і эфектыўнасці блогу.

Магчымасць сіндыцыравання. RSS дае магчымасць даведвацца аб абнаўленнях блогу, на які вы падпісаны.

Узаемазвязанасць. Кожны блог можа быць звязаны з любой колькасцю блогаў з дапамогай спасылак, таму кожнаму блогеру даступныя мільёны ягоных калег.

Карысць ад блогаў. Некалькі словаў пра карысць, якую могуць атрымаць стваральнікі блогаў. Гэта могуць быць грошы, але я на сёння ведаю ў Беларусі літаральнага аднаго чалавека, які на блогу зарабляе грошы. На апошнім конкурсе кантэнт-праектаў гэта быў блогер з Гродна, які робіць «Медицинский блог врача скорой помощи» . Аўтар блогу Андрэй казаў, што ў якасці ўрача хуткай дапамогі зарабляе менш за заробак на сваім блогу.

Калі браць агулам, то блогер заводзіць свой блог таму, што яму ёсць што сказаць. Ён хоча мець зносіны з аднадумцамі ў благасферы, што вельмі лёгка зрабіць. Ён хоча распаўсюдзіць свае погляды на больш шырокую аўдыторыю.

Блогер можа прыцягнуць увагу СМІ да пэўнай праблемы. Прыкладам можа быць друкаванне ў «Комсомольской правде» в Белоруссии» фотаздымкаў блогераў, якія былі затрыманыя пасля разгону намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 года. Блогер можа імкнуцца ўплываць на фармаванне грамадскай думкі ці імкнуцца лабіраваць свае інтарэсы.

Этыка блогераў. Першая парада, якая даецца новым блогерам, калі тыя пытаюцца, як сябе паводзіць у блогасферы, — пачытаць чужыя блогі, паглядзець, як сябе паводзяць людзі ў блогах. Падобным чынам мы паводзім сябе, калі трапляем у новую кампанію. Часам узнікае пытанне, пра што пісаць блог? Пра што нельга пісаць? І як сабе паводзіць, каб не быць прыцягнутым да адказнасці?

Для вядомых асобаў (палітыкаў, журналістаў, «зорак»), якія вядуць свае прыватныя блогі, істотным таксама з’яўляецца пытанне аховы прыватнага жыцця. Бо ў сваіх дзённіках яны могуць даць магчымасць іншым перайсці гэтую мяжу. Бывае і так, што сам чалавек не жадае нічога паведамляць пра сябе, але ягоныя сябры выкладваюць, напрыклад, у «Одноклассниках» фотаздымкі з лазні ці іншых прыватных месцаў.

Пакуль што ў журналістаў няма выпрацаванай сістэмы, як з гэтым паступаць з пункту гледжання этыкі. Як правіла, журналісты звычайна не адмаўляюцца ад той інфармацыі, што да іх трапляе. Тым больш, што няма практыкі, як змагацца з пераходам мяжы прыватнасці, асабліва тады, калі не ты сам, а нехта іншы размясціў гэтую інфармацыю.

Самарэгуляванне ў благасферы. Некалькі словаў пра пытанне самарэгулявання ў блогерскай прасторы. Калі нехта хоча пісаць у нейкую суполку, то ён мусіць падпарадкоўвацца правілам гэтай суполкі. Зразумела, што ў суполках звычайна забароненая ненарматыўная лексіка, забароненыя допісы не па тэме (off topic). Разам з тым, у благасферы ёсць яшчэ такі панятак, як «лытдыбр» — прыватны дзённік, у якім чалавек піша пра сябе, што хоча. І гэты блог — ужо не частка супольнасці.

Блогеры з дастатковай павагай ставяцца да чужога аўтарскага прадукта і ставяць спасылкі на тое, адкуль узяты запазычаны тэкст ці фотаздымак. Калі новы чалавек з’яўляецца ў блогасферы і не ведае гэтых правілаў, яму звычайна пра гэта кажуць. Калі ён не паважае гэтыя правілы, то звычайна да яго ставяцца горш і выказваюць сваю непавагу.

Але ў свядомасці блогераў ёсць прыватная ўласнасць і ёсць, так бы мовіць, «калгасная» уласнасць, якую можна «прысабечыць» нейкім спосабам. Гэта тычыцца тых медыяструктураў, якія маюць свой медыяпрадукт, які блогерам вельмі хочацца атрымаць, і яны знаходзяць спосабы, як абыйсці законы аб аўтарскім праве.

Усе, напэўна, памятаюць ажыятаж, які быў напярэдадні выхаду сёмай кнігі пра Гары Потэра. Яшчэ за 5 дзён да афіцыйнага выхаду кнігі нехта невядомы сфатаграфаваў кожную старонку і выклаў яе ў файлаабменную сетку Bittorent, пасля чаго яна была перакладзеныя на некалькі моваў. У ЖЖ паўстала кам’юніці pereskaz, у якім ахвотнікі падзялілі раздзелы кнігі і сталі перакладаць на рускую мову. У рэжыме рэальнага часу можна было назіраць, як з’яўляліся тэксты, вычытваліся, карэктаваліся, а фаны тут жа дзяліліся ўражаннямі.

Ахвотнікі перакладалі кнігу па кавалачках і казалі, што гэта простае «цытаванне». Аднак гэтыя кавалачкі хутка склаліся ў адну кнігу, якая стала даступнай у Інтэрнеце раней, чым друкаваная кніга з’явілася ў крамах.

Праўда, урэшце рэшт, народная творчасць саступіла ў канкурэнцыі па якасці перакладу некамерцыйнаму праекту Potter’s Army.

ЖЖ – найбольш папулярная блогпрастора ў беларусаў. Пры падвядзенні папярэдніх вынікаў 2009 году на канферэнцыі “Дзелавы Інтэрнет” генеральны дырэктар УП “Надзейныя праграмы”, “бацька” партала TUT.BY Юры Зісер паведаміў, што карыстальнікамі Livejournal.com (Жывога журнала) у Беларусі з’яўляюцца 47 тысяч чалавек.

Крыху пра модныя мікраблогі

У Беларусі з’явілася супольнасць прыхільнікаў новай сацыяльнай сеткі, пабудаванай на прынцыпах мікраблогінгу, – Twitter.

Са словам twitter асабіста я сутыкнуўся, калі збіраў інфармацыю пра сто дзён кіравання новага амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы. Англійскі дзеяслоў “to twitter” азначае “шчабятаць”. На афіцыйным дзярждэпаўскім сайце у сваім блогу Мішэль Остейн Брукс прапанавала пашчабятаць пра першыя сто дзён прэзідэнцтва Барака Абамы. Мне спачатку падалося, што гэта будзе чат з Абамам, але гэта было не так.

Ну дзе гэта бачна, каб першыя асобы дзяржаваў уступалі ў двухбаковыя нефармальныя зносіны з простымі людзьмі. У лепшым выпадку яны звычайна вядуць публічны дзённік (як прэзідэнт Ірану Махмуд Ахмадзінежад) або пад выглядам блогу вывешваюць відэазвароты (як прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў). Зносіны ж з наведвальнікамі блога праходзяць усё ж такі праз прэс-службу.

Якое ж у мяне было здзіўленне, калі я знайшоў блог Барака Абамы. Гэта асабістыя запісы, а не трансляцыя навін прэс-службы, як у выпадку з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.

Зрэшты, некаторыя СМІ з сусветнай вядомасцю таксама ўжо пачалі “шчабятаць”, хоць Twitter стартаваў зусім нядаўна – у 2006 годзе, а на постсавецкай прасторы яго заўважылі ў 2008 г. Па звестках HubSpot, аўдыторыя Twitter складае каля 5 мільёнаў чалавек, 70% якіх зарэгістравалася ў сэрвісе ў 2008 годзе.

Існуе лакальная беларуская Twitter-супольнасць. Паводле яе арганізатара Арсенія Краўчанкі, не трэба шукаць адрозненне Twitter ад звыклых блогаў, сацыяльных сетак і віртуальных камунікатараў накшталт ICQ або Skype. “Гэта штосьці сярэдняе паміж звыклымі блогамі, сацыяльнымі сеткамі і чатамі кшталту IRC”, – лічыць ініцыятар стварэння супольнасці беларускіх карыстальнікаў Twitter.

Па словах Арсенія Краўчанка, бліжэй усяго да разумення сутнасці Twitter графа “статус” у сацыяльных сетках Facebook, MySpace, дзе карыстальнік піша штосьці накшталт: “Сёння выбіраю падарунак для жонкі”. З іншага боку, гэта можа быць геніяльная ідэя, якая вас наведала або чыёсьці выказванне, якое вас захапіла і якое вы хочаце абмеркаваць з сябрамі.

Прастор для фантазіі шырокі, але мікраблог абмежаваны 140 сімваламі. Кажуць, што менавіта ў гэтым і заключаецца фішка сэрвісу. Я спытаў у Арсенія, як карыстальнікі новага сэрвісу вырашылі самі сябе называць? “Мы яшчэ самі не вызначыліся. У англійскай мове ёсць слова “twipeople”, а ў беларускай і рускай аналагаў пакуль няма. Часцей за ўсё нас называюць “твітаране”, хоць яшчэ ёсць і “твітарчане”.

Трэба зазначыць, што ўсе беларускія тэлеканалы, інфармацыйныя агенцтвы і большасць СМІ маюць свае Twitter-версіі. У большасці выпадкаў яны арганізаваныя праз RSS трансляцыю абнаўленняў сайта.

Крыху пра SEO аптымізацыю

Пошукавая аптымізацыя (англ. search engine optimization – SEO) – гэта працэс паляпшэння аб’ёму і якасці трафіка на сайт праз пошукавыя сістэмы, калі вынікі пошуку з’яўляюцца “натуральнымі”, неаплочваемымі.

У кнізе Браяна Кліфтана (Брайан Клифтон. Google Analytics. Профессиональный анализ посещаемости веб-сайтов. Москва, 2009) даецца 10 кароткіх парадаў з мэтай пошукавай аптымізацыі:

Мае парады

Гэта кароткі тэкст, у якім апісваецца змест артыкула. Ён звычайна суправаджаецца невялікай выразнай ілюстрацыяй. У штодзённых газетах у выглядзе тызераў звычайна прадстаўлены спасылкі-анонсы на найбольш актуальныя артыкулы.

Тызер не з’яўляецца ні лідам, ні непасрэдным пачаткам выкладання. Гэта не працяг загалоўка, а хутчэй анонс матэрыялу, уступ-інтрыга, вельмі кароткае выкладанне асноўных момантаў, якое не выдае ўсёй інфармацыі. Мэта – зацікавіць у чытанні артыкула.

З тызера наведвальніку мусіць быць зразумела, у якім жанры напісаны артыкул (аналітыка, каментар, інтэрв’ю і г.п.).

Калі ў тызеры выкарыстоўваюцца цытаты, то неабходна указаць, каму яны належаць і, калі магчыма, дзе і калі былі сказаныя. Звычайна ў тызер не выносіцца спасылка на крыніцу запазычвання тэкста або інфармацыі.

Неабходна па магчымасці максімальна выкарыстоўваць поле Teaser — па даўжыні ён мусіць быць не меней за 200 знакаў з прабеламі.

Першы пасля тызера абзац фактычна з’яўляецца лідам тэксту: ён паўтарае змест тызера, але ў перафразаванай форме. Пры фармуліроўках трэба ўлічваць, што калі тызер – свайго кшталту анонс тэксту, то першы абзац – яго пачатак.

Па некаторых звестках, Яндекс, у адрозненне ад Google, не ажыццяўляе пошук па тызеру матэрыялу. Гэта трэба мець на ўвазе, каб тызер быў не адзіным месцам ужывання ключавых словаў.

У гэтым сэнсе загаловак мусіць быць суб’ектыўна зразумелым, бо толькі на яго падставе карыстальнік будзе прымаць рашэнне – чытаць тэкст або не. З пункту гледжання аптымізацыі знаходжання менавіта гэтага тэксту пошукавымі машынамі, пажадана, каб у загалоўку прысутнічалі ключавыя словы, таксама як у лідзе, тызеры і асноўным тэксце.

Загаловак мусіць быць інфарматыўным, прынаджваць увагу, прымушаць да наступнага прачытання тэксту. Максімальная даўжыня пажадана 62 знакі, перавышэнне 71 знака – недапушчальна!

Двукоссі ў загалоўках не дапушчаюцца, за выключэннем наўпроставай мовы, назваў, устойлівых выразаў, кшталту “халодная вайна”, “жалезная заслона” і г.п. Пры выкарыстанні ў загалоўках выказванняў аб’екта інтэрв’ю ў скарочаным выглядзе або абагульненні-падсумаванні, не даслоўна, напрыклад, у загалоўку да інтэрв’ю, двукоссі можна не выкарыстоўваць.

img src=”http://… /kluch.jpg” width=350 height=220 alt=”Фото Photo.ByMedia.net. Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі робіць справаздачу прэзідэнту аб выніках 2008 году” border=”0″

Што гэта значыць?

img src = “адрас малюнка ў Інтэрнэце ” alt =”подпіс малюнка ” width=”лічба, якая ўказвае на шырыню выявы ў пікселях” height=”лічба, якая ўказвае на вышыню выявы ў пікселях” border=”лічба, якая задае шырыню рамкі малюнка ў пікселях, звычайна — 0″

“Альтавы” тэкст усплывае у тым выпадку, калі карыстальнік наводзіць курсор на выяву, а таксама бачны ў тым выпадку, калі ў браўзеры адключаная опцыя “паказваць малюнкі”.

-тэгі звычайна выкарыстоўваюцца для стварэння кароткага апісання зместу для кожнага канкрэтнага малюнка. Гэта здымае праблемы, калі карыстальнік праглядае сайт пасля адключэння функцыі паказу малюнкаў (звычайна так робяць пры праглядзе сайтаў на мабільным тэлефоне або PDA).

Таксама -тэгі могуць быць карыснымі для людзей, якія праз праблемы са зрокам выкарыстоўваюць праграмы-“гаварылкі” для чытання тэкстаў з экрана або прыстасаванні для пераўтварэння тэкстаў у рэльефна-кропкавы шрыфт Брайля або іншы шрыфт для сляпых.

Важна, што -тэгі індэксуюцца пошукавымі машынамі і дапамагаюць прыцягнуць дадатковых наведвальнікаў на сайт. З мэтай пошукавай аптымізацыі подпіс да выявы мусіць утрымліваць ключавыя словы тэксту, ілюстрацыяй да якіх яны з’яўляюцца. Акрамя таго, важна, што “альтавы” тэкст для ўсіх выяваў мусіць быць розным.

Акрамя таго, наяўнасць -тэгаў павялічваюць зручнасць карыстання сайтам, бо дазваляе карыстальнікам атрымаць прадстаўленне аб малюнку да заканчэння яго запампоўкі ў браўзеры. Гэта асабліва актуальна для карыстальнікаў, у якіх нізкая хуткасць доступу ў Інтэрнэт, а таксама праглядаюць сайт з дапамогай мабільнага тэлефона або PDA.

Паўлюк Быкоўскі для http://www.actngo.info/

Благасфера як квазімедыйная форма частка І

Благасфера як квазімедыйная форма частка ІI

Did you find apk for android? You can find new Free Android Games and apps.