Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі – 2017

23.10.2018

Want create site? Find Free WordPress Themes and plugins.

Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб’яднанне “АКТ” сумесна з Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID) прадстаўляе штогадовае выданне Індэкса ўстойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі за 2017 год.

Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці (CSOSI) – гэта аналітычны інструмент, які дазваляе ацаніць узровень развіцця грамадзянскай супольнасці больш чым у 70 краінах свету. Індэкс разлічваецца па сямі ключавых параметрах устойлівасці: прававы асяродак, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасць, адвакатаванне, аказанне паслуг, інфраструктура сектара і грамадскі імідж. Для ацэньвання выкарыстоўваецца шкала ад 7 да 1, дзе найвышэйшая адзнака – адзінка.

Пасля трох гадоў паступовага росту Індэкс устойлівасці беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) у 2017 годзе застаўся на ўзроўні 2016 года і склаў 5.5, што азначае слабы ўзровень устойлівасці сектара.

Беларускія АГС працягваюць дзейнічаць у неспрыяльных прававых варунках. На пачатку года прайшла хваля затрыманняў, ператрусаў, канфіскацыі абсталявання АГС і актывістаў, пагоршыўся рэжым падаткаабкладання грамадскіх арганізацый і правая практыка ў дачыненні да АГС.

Стан фінансавай устойлівасці незалежных АГС, які працяглы час застаецца слабым, пагоршыўся яшчэ больш у сувязі са скарачэннем фінансавання з боку міжнародных донараў і па-ранейшаму абмежаваным доступам АГС да мясцовых рэсурсаў.

Нягледзячы на неспрыяльныя вонкавыя ўмовы, 2017 год быў адзначаны шэрагам поспехаў беларускіх АГС. Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы актыўна абаранялі інтарэсы сваіх мэтавых груп, палепшылі якасць аказання паслугаў, сталі больш актыўнымі ў прасоўванні сваёй дзейнасці.

Вынікі нацыянальных апытанняў паказалі, што беларусы ўспрымаюць АГС і актывістаў у цэлым станоўча ці нейтральна і што грамадскі давер да сектара ў пэўнай ступені павялічыўся.

Акрамя таго, АГС засяродзіліся на ўмацаванні свайго арганізацыйнага патэнцыялу і надалі асаблівую ўвагу прыцягненню сродкаў з мясцовых крыніцаў. У 2017 годзе грамадзянскія ініцыятывы здолелі сабраць на краўдфандынгавых платформах болей за 600 тысяч долараў ЗША, – удвая больш, чым у 2016 годзе.

З вынікамі ацэнкі і тэкстам справаздачы “Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі-2017” вы можаце азнаёміцца ​​на беларускай і рускай мовах.

Поўная версія Індэкса для 24 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Еўразіі даступная па спасылцы.

Did you find apk for android? You can find new Free Android Games and apps.