Канцэпцыя развіцця грамадзянскай супольнасці: абмеркаванне (частка 2)

20.12.2018

Want create site? Find Free WordPress Themes and plugins.

У верасні 2009 года Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб’яднанне “АКТ” арганізавала круглы стол па абмеркаванні Канцэпцыі развіцця грамадзянскай супольнасці (далей – Канцэпцыя). Канцэпцыя была распрацавана з ініцыятывы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі і выклікала жывую дыскусію ў трэцім сектары.

На свой круглы стол “АКТ” запрасіў аўтараў Канцэпцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, каб разам высветліць моцныя і слабыя бакі дакумента, а таксама акрэсліць перспектывы далейшага развіцця і рэалізацыі Канцэпцыі.

У абмеркаванні бралі ўдзел:

Улад Вялічка – Міжнародны кансорцыюм ЕўраБеларусь;
Мікалай Гаўрыленка – Міжраённае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Права і Справа”;
Алег Гулак – Беларускі Хельсінкскі камітэт, распрацоўнік Канцэпцыі;
Валеры Журакоўскі – МАГА «АКТ»;
Алена Ківач – «Цэнтр па рэабілітацыі сірот, інвалидаў, зняволеных і алкаголікаў»;
Галіна Крот – Моладзевае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Белая Кава»;
Уладзімір Малярчук – Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Ягор Мароз;
Сяргей Мацкевіч – Асамблея няўрадавых арганізацый, распрацоўнік Канцэпцыі;
Віталь Нікановіч – Гарадзенскае абласное грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ”;
Лана Руднік – грамадскае аб’яднанне “Трэці сектар”;
Вольга Сацук – інфармацыйны менеджэр экалагічнага таварыства “Зялёная сетка”;
Юры Чавусаў – Цэнтар “Супольнасьць”;
Валеры Шчукін – Ініцыятыва “Наш дом”.

“Канцэпцыя развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі“ – гэта трохстаронкавы дакумент, які мае мэты, акрэслівае прынцыпы, каштоўнасці і формы супрацоўніцтва паміж органамі ўлады і інстытутамі грамадзянскай супольнасці.

Па-за межы Канцэпцыі вынесены Дадатак, у якім вызначаны канкрэтныя крокі па стварэнні спрыяльных прававых умоваў для развіцця грамадзянскай супольнасці на сучасным этапе – скасаванне забароны на дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднаньняў; набліжэнне да заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі; права ільготнай арэнднай стаўкі пры размяшчэнні юрыдычных адрасоў; распрацоўка адкрытай і празрыстай сістэмы фінансавання з дзяржаўнага бюджэту і інш.

ФАКТ З’ЯЎЛЕННЯ КАНЦЭПЦЫІ – ГЭТА ДОБРА

Удзельнікі дыскусіі адзначылі ў якасці станоўчага факта само з’яўленне Канцэпцыі як дакумента, народжанага ў асяродку грамадзянскай супольнасці.

Віталь Нікановіч: Атрымаўшы Канцэпцыю па электроннай пошце ад Асамблеі НДА, я падумаў: о, класна – пачынаецца праца, распрацоўваецца ўнутраная дамова, як развівацца разам.

Улад Вялічка: Ні да чаго, што напісана ў Канцэпцыі, у мяне супраціву няма. Для мяне гэта прымальны падыход.

Ягор Мароз: Я лічу добрым знакам, што такая канцэпцыя з’явілася ўвогуле. Гэта сведчыць пра тое, што нехта бачыць развіццё грамадзянскай супольнасці сваёй задачай і працуе, каб вырашыць яе. Для першай спробы гэта вельмі добра, і ад гэтага трэба адштурхоўвацца.

Вольга Сацук: Мне падаецца, што гэта вельмі добрая ідэя, як гранат – кожнаму па зярнятку. З гэтага дакумента мы маглі б пачаць вялікі грамадскі працэс.

ХТО? АЎТАРА!

Фармальна аўтарамі Канцэпцыі з’яўляюцца прадстаўнікі арганізацый Асамблеі НДА. Тлумачыць Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта, сябра Грамадска-кансультацыйнага Савета пры Адміністрацыі прэзідэнта (ГКС):

Я даслаў Канцэпцыю ў ГКС як персанальную прапанову, заснаваную на распрацоўках Асамблеі НДА. Паколькі я быў у ліку распрацоўнікаў дакумента, мне падалося важным прэзентаваць яго для ГКС. То бок ніякай формы інстытуцыяналізацыі і легалізацыі дакумента пакуль не існуе.

Удзельнікі дыскусіі заўважылі, што з самога тэксту Канцэпцыі непасрэдна не вынікае, хто з’яўляецца суб’ектам – ад імя каго напісаны дакумент.

Улад Вялічка: Пытанне суб’ектнасці ў чым: пры такім тэксце дакумент атрымліваецца абстрактным – невядома хто, невядома якім чынам бярэцца за распрацоўку і размову пра Канцэпцыю развіцця грамадзянскай супольнасці. Як быццам ад імя дзяржавы трэці сектар рыхтуе дакумент.

Фактычна тым самым мы аддаем права развіваць грамадзянскую супольнасць непасрэдна дзяржаве. Але ў прынцыпе гэта наша задача як суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, а задача дзяржавы – не перашкаджаць гэтаму развіццю.

Гэта значыць, з самага першага крока мы неправільна дасылаем сігнал дзяржаве. Улады могуць падумаць: о, мы зараз будзем развіваць грамадзянскую супольнасць, бо яна сама гэтага хоча. Тут мне падаецца вельмі важным не аддаваць ініцыятыву за развіццё грамадзянскай супольнасці.

З іншага боку, ад імя сектара вельмі цяжка акумуляваць агульныя пазіцыі (у тым ліку ў выглядзе адзінага дакумента) і ўступаць у адносіны. Зараз, напэўна, Алег Гулак і нямногія іншыя з’яўляюцца адзінымі інстытуцыяналізаванымі прадстаўнікамі пазіцыі трэцяга сектара ў камунікацыях з уладай.

Сяргей Мацкевіч: У мяне пытанне да Улада – калі мы будзем разглядаць асноўным суб’ектам Канцэпцыі грамадзянскую супольнасць, ці патрэбна тады нам дзяржава ўвогуле?

Улад Вялічка: Сэнс распрацоўкі любых канцэпцый – гэта як вялікі праект ці праграма. Гэта значыць, што калі нешта адбываецца, усе тыя, каго мы называем stakeholders (зацікаўленыя бакі), удзельнічаюць у гэтым. Ёсць суб’екты – носьбіты дзеяння, яно на іх накіраванае, яно іх рукамі рэалізуецца. А ёсць тыя, хто ў гэтым можа быць карысным: дзяржава, міжнародныя партнёры і г.д.

Калі мы абмяркоўваем Канцэпцыю развіцця грамадзянскай супольнасці, безумоўна, удзел дзяржавы будзе вельмі карысным на гэтым этапе, але трэба яшчэ ўявіць, як дзяржаву можна сюды далучыць, каб не было супрацьстаяння.

Валеры Журакоўскі: Прывяду прыклад. Цяпер МАГА “АКТ” лабіруе прыняцце нарматыўных актаў па сацыяльным заказе. Мы не чакаем, пакуль дзяржава саспее і распрацуе гэты дакумент – мы самі як некамерцыйная арганізацыя робім пэўныя захады.

Тое ж і з Канцэпцыяй: калі трэці сектар вызначае, што Канцэпцыя – гэта накірунак дзейнасці грамадзянскай супольнасці, тады трэба прапрацоўваюць і адпаведныя дзеянні. Калі мы разглядаем Канцэпцыю як дзяржаўны дакумент – тады гэта ўжо іншы падыход і сюды ўкладаюцца іншыя мерапрыемствы.

Алег Гулак: Я цалкам згодны з заўвагамі, але пакуль не бачу, як да гэтага можна падысці. Таму што, па-першае, дзяржава ўспрымае ў штыкі ўсю незалежную самаарганізацыю людзей. Па-другое, тое, што мы называем “грамадзянскай супольнасцю”, далёка не адназначна бачыць і стасункі з уладай, і сваю ролю. Пакуль больш-менш кансалідаванага погляду не сфармавалася.

Калі б мы ў Канцэпцыю ўклалі той варыянт, як сама грамадзянская супольнасць бачыць сваё развіццё – гэта было б складана, але цікава. Немагчыма ўсё аб’яднаць у адным дакуменце. Ва ўсялякім выпадку добра, што ўзнікла нагода гэтыя пытанні задаваць. Можа быць, Канцэпцыя зрушыць нашую супольнасць на разуменне гэтых праблем.

ДЛЯ КАГО? АДРАСНЫЯ ГРУПЫ КАНЦЭПЦЫІ

Засталося адкрытым пытанне, для каго пісалася Канцэпцыя – для ўлады, грамадзянскай супольнасці ці ананімнага чытача.

Валеры Журакоўскі: Калі я чытаў гэты дакумент, у мяне было адчуванне, што ён напісаны для заходняга чытача, а не для ўнутранага спажывання.

У Канцэпцыі я нічога не ўбачыў для сябе як для прадстаўніка грамадзянскай супольнасці. Я ставіў сябе на месца прадстаўнікаў органаў улады і таксама нічога для сябе не знайшоў. Возьмем, да прыкладу, тэрміналогію, якая выкарыстоўваецца ў дакуменце.

Аўтары Канцэпцыі паўсюль ужываюць тэрмін “няўрадавыя арганізацыі”. Але такога тэрміна няма ў прававым полі Беларусі. У Грамадзянскім кодэксе ёсць дакладнае паняцце – “некамерцыйныя арганізацыі”. Усе, хто пералічаны ў дакуменце, належаць да некамерцыйных арганізацый. І калі Канцэпцыя пісалася для органаў улады, то трэба і размаўляць на мове ўлады.

Узгадваючы дакументы, якія прымаюцца ўладай, я не бачу сярод іх Канцэпцыю. І тады ўвогуле можна паставіць пад сумнеў мэтазгоднасць дакумента.

Алена Ківач: А мяне бянтэжыць тэрмін “трэці сектар”. Калі мы называем нейкі сектар трэцім, гэта дзіўна гучыць.

Улад Вялічка: Для каго напісаны гэты дакумент? Калі для ГКС, то тады ў Канцэпцыі шмат чаго не хапае. Калі мэтавай групай з’яўляецца трэці сектар, тады гэты дакумент павінен эвалюцыянаваць у той бок, што людзі павінны сябе тут убачыць і больш за тое – у гэтым удзельнічаць. Тое самае, што і з дзяржавай – улады трэба ўцягваць у камунікацыі ўжо на этапе распрацоўкі і абмеркавання Канцэпцыі.

Валеры Шчукін: Калі Канцэпцыя пісалася для ўладаў, то на іх месцы я б гэтую Канцэпцыю падпісаў. Дакумент, шчыра кажучы, ні да чаго не абавязвае. Больш істотны “Дадатак”, які аўтары вынеслі за межы Канцэпцыі. Але Канцэпцыю з “Дадаткам” улада, канешне, не падпіша.

Алег Гулак: Наша дыскусія мне паказвае, што Канцэпцыя аднолькава важная і для дзяржаўных структураў, і для грамадзянскай супольнасці. Таму было б добра, каб былі сектаральныя абмеркаванні, каб была зваротная сувязь з боку тых людзей, якія бачаць сваю прыналежнасць да грамадзянскай супольнасці.

КАНЦЭПЦЫЯ, ДЭКЛАРАЦЫЯ ЦІ….?

Неадназначнае трактаванне суб’ектаў, адрасных груп і зместу дакумента вывелі ўдзельнікаў дыскусіі на пытанне яго жанру.

Улад Вялічка: Мая заўвага звязана з жанрам дакумента. Сказаў “канцэпцыя” – пакладзі канцэпцыю. У дадзеным дакуменце адсутнічае план дзеянняў, а без плана дзеянняў гэта не канцэпцыя.

Па-другое, ёсць канкрэтны канфлікт назвы і зместу дакумента. Па сваёй сутнасці дакумент – пра пабудову стасункаў паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю. І гэта не ёсць сінонімам развіцця грамадзянскай супольнасці.

У мяне прапанова перш за ўсё адназначна вызначыцца, што гэта за дакумент.

Валеры Журакоўскі: Я спрабую знайсці ў Канцэпцыі прагматычны грунт – у чым выгода для розных суб’ектаў. Я рэгулярна камунікую з органамі ўлады па тэме сацыяльнага заказу і бачу, што перадусім яны зыходзяць з вельмі прагматычнага падмурку – якую карысць атрымае дзяржава. За кожным рашэннем улады, законам стаяць грошы. Калі гэтага няма – усё астатняе бессэнсоўна.

Пакуль у Канцэпцыі, акрамя дэкларацый, я не бачу рацыянальнага, прагматычнага грунту.

Алег Гулак: А Дэкларацыя правоў чалавека? Яна ж працуе менавіта як дэкларацыя…

Сяргей Мацкевіч: Я не пагаджуся з Валерам Журакоўскім, што Канцэпцыя не ўтрымлівае дывідэндаў для НКА.

Для чыноўнікаў сапраўды тут вельмі ўмоўныя дывідэнды – магчымае паляпшэнне супрацоўніцтва з Еўразвязам як доўгатэрміновая перспектыва. Як магчымасць перакласці частку праблем на НКА – гэтую частку чыноўнікі мала пакуль бачаць. Напэўна, варта гэты вектар пашырыць, таму што ён больш практычна арыентаваны.

Вольга Сацук: Я згодна з тымі калегамі, якія кажуць, што гэта не канцэпцыя, а дэкларацыя. Калі няма канкрэтнай мэты, тады можна назваць гэта нават “службовай запіскай”.

Улад Вялічка: Я зразумеў, які можа быць прататып гэтага дакумента.

Апошнія два гады я займаюся еўрапейскай тэмай. No paper “Што Еўразвяз можа даць Беларусі” – гэта для мяне вельмі добры прататып. Еўразвяз і Беларусь павінны між сабой штосьці вырашыць. Еўразвяз кажа – мы прапануем гэта і гэта, а наўзамен чакаем тое і тое. Гэты дакумент быў даволі паспяховым у тым сэнсе, што запусціў шэраг працэсаў, якія зараз працягваюцца.

Канцэпцыя можа быць пабудавана аналагічным чынам. Фактычна ў нас ёсць два інстытуцыяналізаваныя суб’екты – дзяржава і грамадзянская супольнасць. Паміж імі існуюць праблемныя пункты. Таму аналіз праблемы павінен быць часткай гэтага дакумента. А гэтага якраз тут амаль няма.

Сяргей Мацкевіч: Дакумент так і планаваўся накшталт “Што грамадзянская супольнасць можа даць Беларусі”.

Алег Гулак: Цалкам слушна кажа Сяргей Мацкевіч – такімі думкамі мы кіраваліся. Толькі адна заўвага. Пакуль мы ўсё ж не такі суб’ект, які можа на роўных размаўляць і казаць мовай ультыматумаў, як Еўразвяз. Таму цалкам паўтарыць гэты падыход мы не можам.

ВЕРСІЯ #1 і ВЕРСІЯ #2

Супярэчанне, якое прысутнічае ў Канцэпцыі на ўзроўні суб’ектаў, мэтаў, зместу было прапанавана вырашыць наступным шляхам: адрозніваць два розныя дакументы. Версія #1 – гэта развіццё грамадзянскай супольнасці ў цэлым. Версія #2 – гэта наладжванне (пабудова) стасункаў грамадзянскай супольнасці і ўлады.

Улад Вялічка: Сапраўды немагчыма і не трэба канцэпцыю развіцця грамадзянскай супольнасці і намеры пабудовы стасункаў з дзяржавай пакаваць у адзін дакумент. Трэба, каб гэта былі розныя дакументы.
Вядома, што яны не могуць існаваць адзін без аднаго, без каардынацыі, узаемадзеяння, сувязі, але яны маюць розныя задачы.

У дакуменце па версіі #2 асноўнай мэтавай групай з’яўляюцца дзяржаўныя суб’екты. У гэтым выпадку Канцэпцыя можа разглядацца як лабісцкая, адвокасі акцыя. Тады яе трэба адпаведна будаваць і пашыраць кола зацікаўленых людзей.

Таксама я ўпэўнены, што беларускі грамадскі сектар дастаткова саспеў для таго, каб весці размову пра канцэпцыю развіцця як самога сябе – то бок пра Канцэпцыю па версіі #1. Можа зараз і няма такой патрэбы, каб стваралася канцэпцыя развіцця трэцяга сектара. Галоўнае, каб асноўныя рэчы існавалі ў галовах лідэраў, актывістаў трэцяга сектара і па ўмаўчанні – як default settings – працавалі б. Я думаю, што гэта дасягаецца праз сінхранізацыю і шматлікія камунікацыі.

Сяргей Мацкевіч: Я цалкам згодны з ацэнкай Улада гэтага дакумента. Тое, што маем цяпер, сапраўды можа быць толькі часткай канцэпцыі, якая тычыцца дачыненняў з органамі ўлады. Гэта можа быць крок, які дапаможа потым прыняць і прасунуць агульную канцэпцыю. Пакуль мы не пачыналі працэс шырокай канцэпцыі (версія #1), гэта толькі асобны элемент.

Юры Чавусаў: Калі казаць пра Канцэпцыю #1, якая вынікае з назвы гэтага дакумента, мне падаецца, што наўрад ці яна зараз такая магчыма, і не трэба, каб яна такая завершаная з’яўлялася. Хутчэй гэта пастаянны працэс, які заўжды абмяркоўваецца і заўжды актуальны.

Што тычыцца Канцэпцыі #2, назва сапраўды ёй не адпавядае. Але цяпер самае галоўнае, каб улады ўцягнуліся ў дыскусію і прызналі, што сваю палітыку датычна няўрадавых арганізацый можна выкласці ў пэўным дакуменце.

Вольга Сацук: З улікам вышэйсказанага я прапаную аўтарам Канцэпцыі дзейнічаць па 2-х накірунках. Па-першае, распрацаваць канцэпцыю развіцця грамадзянскай супольнасці і арганізаваць пляцоўкі для абмеркавання. Інтарэс у НКА да гэтага ёсць. І па-другое, дапрацаваць дакумент, які б рэгуляваў стасункі дзяржавы з НКА.

Лана Руднік: У плане практычнага ўдакладнення Канцэпцыі я таксама бачу дзве стратэгіі: 1) кампанія адвакатавання па стварэнні спрыяльных умоваў для развіцця грамадзянскай супольнасці, і 2) серыя публічных абмеркаванняў з уладамі. Як варыянт, гэта можа быць шырокая кампанія, у межах якой будуць ісці абмеркаванні на розных публічных пляцоўках па развіцці грамадзянскай супольнасці, у тым ліку з уладамі.

І ЗНОЎ ПРА СУБ’ЕКТНАСЦЬ

Удзельнікі дыскусіі сышліся на тым, што пры дапрацоўцы любой версіі Канцэпцыі застаецца пытанне суб’ектнасці. Па-першае, ці здольная грамадзянская супольнасць на роўных размаўляць з дзяржаўнымі органамі. І па-другое, які канкрэтна дзяржаўны орган сёння ў Беларусі з’яўляецца цэнтрам прыняцця палітычных рашэнняў датычна няўрадавага сектара.

Віталь Нікановіч: Калі мы спрабуем дасягнуць таго, каб Канцэпцыю прынялі дзяржаўныя органы, то якія менавіта? Ці зменіцца што-небудзь, калі Міністэрства юстыцыі паставіць сваю рэзалюцыю “не супраць”?

І хто сёння гатовы на роўных данесці гэтую цудоўную ідэю, да прыкладу, да Адміністрацыі прэзідэнта? Таму што, калі мы не знойдзем роўнага суб’екта, усе нашыя дзеянні па лабіраванні, адвакатаванні будуць, на жаль, тупіковымі.

Юры Чавусаў: Сёння мы з цяжкасцю ўяўляем, які дзяржаўны орган вызначае палітыку датычна няўрадавых арганізацый. Міністэрства юстыцыі – гэта рэгістрацыя і кантроль. А цэнтр прыняцця палітычных рашэнняў мы можам з цяжкасцю намацаць: можа гэта Адміністрацыя прэзідэнта, а можа Савет бяспекі? Хто ведае?

Мы заўсёды кажам пра ўласную суб’ектнасць, а што з суб’ектнасцю там, наверсе? Наяўнасць якога-небудзь рамкавага дакумента дазволіла хаця б акрэсліць кола бакоў – тых, хто вядзе размову.

Улад Вялічка: Для мяне пытанне суб’ектнасці грамадзянскай супольнасці – гэта пытанне рэпрэзентатыўнасці. Да прыкладу, як узмацніць пазіцыі пакліканых у ГКС прадстаўнікоў НДА, калі намінальна яны прадстаўляюць там сябе, а не свае арганізацыі.

Гэта можа адбывацца праз серыю кансультацый, абмеркаванняў, публічных мерапрыемстваў, якія дадуць магчымасць таму ж Алегу Гулаку казаць, што Канцэпцыя – гэта не яго асабістая думка, а вялікай колькасці людзей.

ПЕРСПЕКТЫВЫ КАНЦЭПЦЫІ

Алег Гулак: Аптымальнае развіццё Канцэпцыі – гэта і пашырэнне, і паглыбленне. Пашырэнне праз круглыя сталы, уцягванне шырокіх колаў у абмеркаванне самога падыходу. А паглыбленне – гэта ўзмацненне канцэптуальнасці менавіта з пункту гледжання развіцця самой грамадзянскай супольнасці (распрацоўка версіі #1).

Што мяне зараз непакоіць – гэта легітымацыя Канцэпцыі з боку ГКС. Канешне, ужо зараз хацелася б мець большую рэакцыю з боку прадстаўнікоў розных НДА, каб можна было б далей працягваць працу ў Савеце, абапіраючыся на вынікі больш шырокіх абмеркаванняў, рэкамендацый.

У гэтым сэнсе быў бы цікавы фармат інтэрнет-пляцовак – блогаў, форумаў – каб было больш думак, фактаў, якія можна было б абмяркоўваць.

Улад Вялічка: Улічваючы, што ГКС збіраецца рэгулярна, я не бачу прычын, каб не дасылаць другую версію Канцэпцыі, а потым і трэцюю. Каб людзі, якім раней ці пазней прыйдзецца мець з гэтым справу, бачылі, што працэс ідзе, што Канцэпцыя сапраўды неабходная. Я думаю, што гэта вельмі добры шлях наладзіць механізм узаемадзеяння паміж ГКС і грамадзянскай супольнасцю.

Што тычыцца канкрэтных захадаў па абмеркаванні Канцэпцыі, то, канешне, варта яшчэ арганізоўваць падобныя сустрэчы, толькі па пэўным прынцыпе – рэгіянальным, тэматычным, з прыцягненнем экспертаў рознага кшталту і г.д.

І яшчэ. Думаю, што неакцэнтаванае прапанаванне Канцэпцыі варта рабіць акцэнтавана, раскручана, распіярана. Неабходна паставіць дэдлайны, сфармуляваць канкрэтныя пытанні, якім чынам гэтую зваротную сувязь атрымаць ад астатніх.

Юры Чавусаў: У мяне вялікае спадзяванне на ГКС. Я бачу ГКС асноўным накірункам прасоўвання гэтага дакумента – магчыма нават з выхадам на прыняцце. Мне падаецца, што такая арыентацыя дазволіць прасоўваць Канцэпцыю, а таксама акрэсліць канкрэтныя функцыі ГКС.

І я хацеў бы ўзгадаць яшчэ адну рэч. У нас наперадзе прэзідэнцкія выбары. Не сакрэт, што вельмі часта палітыка дзяржавы ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці залежыць ад палітычнага календара. Да прыкладу, артыкул 193-1 КК РБ быў прыняты пад выбары як узмацненне кантролю напярэдадні палітычных кампаній.

Прыняцце Канцэпцыі магло б стаць альтэрнатывай чарговаму накручванню пэўных абмежаванняў датычна НДА. Мы прапануем альтэрнатыву – вы не ўзмацняйце адказнасць, а ўступіце з намі ў нармальныя цывілізацыйныя стасункі. Канцэпцыя магла б выступіць моцным аргументам, каб прадухіліць дадатковыя абмежаванні дзейнасці НДА.

Уладзімір Малярчук: Працягваючы тэму выбараў, я прапаную развіваць Канцэпцыю ў практычным сэнсе для будучых кандыдатаў. Для пабудовы грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне неабходна мяняць формы працы з насельніцтвам і ўладамі. Пад Канцэпцыю магчыма распрацаваць такі план дзеянняў, які прымусіць кандыдатаў актыўней дзейнічаць.

Валеры Журакоўскі: Хацелася б, каб прынцыпы і каштоўнасці, выкладзеныя ў Канцэпцыі, былі б выкарыстаны і пры распрацоўцы дакумента. Калі мы штосьці прапануем ад такога вялікага суб’екта, як некамерцыйны сектар, – то неабходна, каб гэта была прапанова не аднаго чалавека, а каб гэта было прысвоена і прапанавана ўсім сектарам. З пункту гледжання механізмаў, тут трэба выходзіць на сеткі і розныя тэматычныя кааліцыі ўнутры сектара.

Я б не баяўся распрацоўваць план дзеянняў, таму што менавіта ў канкрэтных прапановах бачна сутнасць. Раскрыццё канкрэтыкі і павінна стаць асноўнай мэтай дакумента.

І яшчэ. У Беларусі, на жаль, апошнім часам мала лабісцкай/адвакатысцкай дзейнасці па прасоўванні грамадскіх інтарэсаў у органы ўлады. Калі гэты працэс ініцыяваць з дапамогай Канцэпцыі, можна будзе хаця б даведацца, хто што робіць. Лакальныя мэты асобных арганізацый, іх рэальныя патрэбы магчыма абагульніць у Канцэпцыі ў выглядзе “вось гэтага трэці сектар хоча, вось гэтага дабіваецца”. І тады насамрэч Канцэпцыя стане жывым дакументам.

Сяргей Мацкевіч: Мы не разглядаем Канцэпцыю як сапраўды аўтарскі дакумент. Галоўнае, каб мэты гэтага дакумента былі дасягнуты. Мы былі ініцыятарамі гэтага працэсу, але зацікаўленыя ў тым, каб пашыраць кола заангажаваных НДА, каб наш суб’ект павялічваўся.

Дзякуй усім за ўдзел, за адказнае стаўленне да Канцэпцыі. Мне прыемна назіраць, як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці камунікуюць апошнім часам – яны часта маюць розныя інтарэсы, але ўзровень павагі адзін да аднога праяўляюць высокі. Таму атрымліваецца добрая дыскусія і добрыя вынікі.

P.S. У далейшых абмеркаваннях назва Канцэпцыі была ўдакладнена. Цяпер дакумент прэзентуецца як Канцэпцыя спрыяння органамі ўлады развіццю грамадзянскай супольнасці. Спадзяемся, што нагодай для дапрацовак сталася і дыскусія, арганізаваная МАГА “АКТ”.

Матэрыял падрыхтавала Юнэля Сальнікава

 

Did you find apk for android? You can find new Free Android Games and apps.