Сайт об АКТуальных вопросах и ответах третьего сектора Беларуси

Статус

Locating you...

Сацыяльнае канструяванне рэальнасці і беларускі трэці сектар

Юнэля Сальнікава, магістарка філасофіі, сябра Праўлення МАГА "АКТ"

Апошнія гады я ўсё больш адчуваю хранічны недахоп ведаў у трэцім сектары. З аднаго боку, існуе вялізны практычны досвед, назапашаны грамадскімі дзеячамі ў часе рэалізацыі праграмаў і праектаў. Але з іншага – нашым актывістам не хапае тэарэтычнага апарата, які б дапамог “упакаваць” штодзённую дзейнасць беларускай грамадзянскай супольнасці ў канцэптуальныя рамкі – рамкі, якія б далі зразумець сэнс, для чаго ўсё ж гэта робіцца.

У дадзеным артыкуле я спрабую асэнсаваць беларускую рэальнасць, у тым ліку трэці сектар, праз прызму аднаго з накірункаў сучаснай сацыяльнай тэорыі – сацыяльнага канструктывізму. Прапанаваны падыход, натуральна, не прэтэндуе на сцвярджэнне канчатковай ісціны, гэта хутчэй перспектыва для будучых даследаванняў, адкрытая для крытыкі і абмеркавання.

Троху тэорыі

Ці ствараецца свет нашай уласнай актыўнасцю? Ці ствараем мы свет, а не вынаходзім яго? У адрозненне ад многіх іншых канцэпцый, сацыяльны канструктывізм на гэтыя пытанні адказвае станоўча.

Канструктывісты не разглядаюць сацыяльную рэальнасць як нязменную дадзенасць. Пад канструктывісцкім тэзісам “факты канструююцца” маецца на ўвазе, што факты знаходзяцца ў залежнасці ад пэўных чалавечых дзеянняў і ўзаемадзеянняў.

У сэрцы канструктывісцкай тэорыі знаходзіцца чалавек як сацыяльная істота, якая збірае веды, стварае сябе і ўплывае (змяняе) на сацыяльны свет праз пастаянныя стасункі з іншымі людзьмі. Атрымліваецца, што “рэальнасць” – гэта пераважна веды пра гэтую “рэальнасць”. І той, хто валодае і кантралюе веды, фармулюе і вызначае рэальнасць для астатніх.

Канструяванне рэальнасці – гэта працэс

Пачнем з таго, што любое грамадства ўяўляе сабой набор інстытуцый, знаёмства з якімі ўпісвае чалавека ў сацыяльны свет. Сям’я, школа, універсітэт, дзяржаўныя структуры, грамадская арганізацыя, шлюб – усё гэтыя ўстановы паўстаюць перад чалавекам як неаспрэчныя факты. І гэта добра, таму што чалавек як недасканалая біялагічная істота наўрад ці здолеў бы існаваць, калі б не прыдумаў сацыяльны дадатак да прыроднага асяродку.

Заўжды трэба памятаць, што грамадства – гэта прадукт, створаны ў выніку чалавечай дзейнасці. З гэтага простага тэзіса для мяне вынікае як сама мала дзве важныя высновы, скажу болей - нават жыццёвыя ўстаноўкі.

Па-першае, калі што-небудзь прыдумана людзьмі, значыць, заўсёды можна паставіць пад сумнеў абгрунтаванасць іх дзеянняў і адпаведна мэтазгоднасць існавання той ці іншай інстытуцыі. Не думаю, што сённяшнія людзі менш разумныя, чым былі 10 ці 1000 год таму.

Па-другое, у любы момант чалавек здольны мяняць не толькі асабістае жыццё, але і свет вакол сябе. Тое, што ў трэцім сектары ведаюць як “актыўнасць”, у сацыяльнай тэорыі называюць “калектыўнай агентнасцю” – здольнасцю кожнага чалавека ўплываць праз супольныя дзеянні.

Беларуская сацыяльная рэальнасць

Што з сябе ўяўляе беларускі сацыяльны свет? Перадусім варта зазначыць, што дзяржава (дзяржаўныя органы) з’яўляецца асноўным носьбітам і транслятарам ведаў у межах Рэспублікі Беларусь. Маючы ў сваім распараджэнні сродкі мас-медыя, сярэднюю і вышэйшую адукацыю і іншыя інструменты, улада эфектыўна перадае грамадзянам сваё бачанне сацыяльнага свету.

За 15 год прэзідэнцкага кіравання ў краіне быў створаны дастаткова ўстойлівы інстытуцыянальны парадак, увасабленнем якога з’яўляецца непасрэдна асоба прэзідэнта. Гэтая ўстойлівасць тлумачыцца таксама тым, што сучасныя афіцыйныя інстытуцыі шмат каму падаюцца ўжо нязменнымі і нават “натуральнымі”.

Гэта адбываецца пры перадачы сацыяльнага свету наступным пакаленням: “дзеці” ўспрымаюць рэальнасць не як тое, што было створана іх “бацькамі”, а як традыцыю і аб’ектыўныя факты. Малодшае пакаленне не ведае ўмоваў стварэння інстытутаў і іх першасныя значэнні, для нашчадкаў сацыяльны і прыродны свет маюць прыкладна аднолькавую ступень непразрыстасці.

Чым больш працяглая гісторыя інстытуцый, тым менш зразумелыя гэтыя інстытуцыі. Прычым прынцыповая невытлумачальнасць сацыяльных установаў перадаецца не толькі “дзецям”, але і “бацькам”-стваральнікам. Гэта дасягаецца дзякуючы люстэркаваму эфекту: “бацькі” бачаць, што “дзеці” ўспрымаюць створаную рэальнасць як прыродную, таму пачынаюць самі ставіцца сур’ёзна да прадуктаў сваёй дзейнасці.

Можна меркаваць, што беларускія дзяржаўныя інстытуцыі, дзякуючы наяўнасці ўласнай гісторыі, нават для сваіх стваральнікаў з’яўляюцца ўжо чымсьці адасобленым, аб’ектыўным. Больш за тое, улада ўсялякім чынам імкнецца, каб створаны ёй свет успрымаўся як прыродны.

Усе спробы незалежных суб’ектаў рэканструяваць афіцыйныя практыкі, паказаць іх сканструяванасць нязменна пераследуюцца. Пра гэта сведчыць і сітуацыя з маргіналізаваннем альтэрнатыўнага (апазіцыйнага) асяродку, і манапалізацыя ўладай публічнай прасторы, і пераслед незалежных навукоўцаў і інстытуцый.

Трэці сектар

Сама назва “трэці сектар” дэманструе, што няўрадавыя арганізацыі з’яўляюцца неад’емнай часткай грамадства разам з двума іншымі сектарамі – дзяржаўным і прыбытковым. Праўда, такі падзел тычыцца перадусім заходніх краін з развітымі дэмакратычнымі каштоўнасцямі.

Мінімальна грамадзянская супольнасць – гэта наяўнасць свабодных асацыяцый, якія не знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. У моцным сэнсе існаванне грамадзянскай супольнасці дасылае да такога грамадства, якое можа структураваць сябе і каардынаваць свае дзеянні праз свабодныя асацыяцыі, прычым гэтыя асацыяцыі могуць у значнай ступені вызначаць накірункі дзяржаўнай палітыкі.

Фармальна ў Беларусі прысутнічае інстытуцыяналізавана развітая грамадзянская супольнасць – адных толькі зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў налічваецца больш 2 200. Але наколькі беларускі няўрадавы сектар самастойны і зразумелы ў сваіх сацыяльных фармулёўках? Якія магчымасці ён мае, каб даносіць сваё бачанне сацыяльнага свету да грамадзян? Які ўплыў мае на дзяржаўную палітыку? Для мяне гэта пакуль, на жаль, рытарычныя пытанні.

З аднаго боку, канешне, дзяржава ў Беларусі вельмі моцны сацыяльны суб’ект, які да таго ж прэтэндуе быць і адзіным. Усё тое, што не ўпісваецца ў паняцці ўлады, – адаптуецца ці адмаўляецца. Вядомы выпадак з Беларускім саюзам моладзі (БСМ), спадкаемцам камсамолу, які трымаў самастойнасць аж да 2002 году, але ў выніку быў далучаны да прапрэзідэнцкай моладзевай арганізацыі БРСМ.

Арганізацыі, якія не пажадалі “па-добраму” прыняць афіцыйную версію сацыяльнага парадку, былі дыскрэдытаваныя ў вачох грамадскасці і юрыдычна ліквідаваныя. Яскравым фактам “зачысткі” паслужылі падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, калі пацярпелі арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі на баку альтэрнатыўнага кандыдата.

З іншага боку, трэці сектар як з’ява з’яўляецца пакуль чужародным для беларускага грамадства. Першыя незалежныя няўрадавыя арганізацыі з’явіліся ў Беларусі толькі напрыканцы 1980-х гадоў і не здолелі скласці канкурэнцыю дзяржаве. Наўрад ці будзе памылкай сцвярджаць, што для шырокага насельніцтва грамадскія арганізацыі да гэтага часу застаюцца на сацыяльнай перыферыі і маюць статус кшталту “гарадскіх вар’ятаў”.

Перспектывы трэцяга сектара?

Я бачу тры прычыны слабасці і “непаўнавартасці” ўнутры беларускай грамадзянскай супольнасці.

(1) Не хапае сацыяльных практык, якія б мелі несупярэчлівае ўкараненне ў беларускім грамадстве.

У чым сіла афіцыйнага азначэння рэальнасці? У тым, што яно адпавядае патэрналісцкім памкненням насельніцтва і выкарыстоўвае знаёмае савецкае мінулае. Грамадскія ж арганізацыі, па сутнасці, прадстаўляюць каштоўнасці заходняй цывілізацыі – эгалітарызм, прыярытэт правоў чалавека, народнае самакіраванне, якія, аднак, пакуль не маюць апірышча ў народзе.

(2) Няма адназначнага, зразумелага, канкурэнтназдольнага бачання свету.

Улада сістэматычна і бесперапынна знаёміць грамадзян са сваімі значэннямі. Падобная стратэгія цалкам апраўдана. Як адзначаюць сацыяльныя канструктывісты, чалавечыя істоты лянівыя, няпамятлівыя, а часта яшчэ і глупыя. Адпаведна ўсялякая інстытуцыя дзеля падтрымання сваёй устойлівасці мусіць рэгулярна, а часам і навязліва трансляваць спрошчаныя формулы, каб іх было лёгка вывучыць і запомніць наступным пакаленням.

А што робіць трэці сектар? Ён прывозіць з-за мяжы новую, разнастайную інфармацыю, дае сваім кліентам альтэрнатывы, прымушае людзей думаць і нават дзейнічаць. Апошніх, зразумела, знаходзіцца няшмат у любым грамадстве.

(3) Няма сталага апелявання да паўсядзённага жыцця і яго падставовага матыву – прагматычнага.

“Трасянка” – гэта не проста мова ўлады і большасці беларусаў, гэта паўсядзённасць нашага жыцця. Улада размаўляе з электаратам на мове прыбытку і прагматыкі, а грамадскія арганізацыі прапагандуюць абстрактныя каштоўнасці, без якіх можна выжыць.

Пакуль я з’яўляюся перакананай песімісткай у тым, што пералічаныя прычыны можна перафармуляваць у перспектывы развіцця трэцяга сектара.

Дзе тое апірышча (традыцыі, культурныя практыкі) беларусаў, на што можна было абаперціся няўрадавым арганізацыям, якія пакуль “страшно далеки от народа” ?

Якое адзінае, зразумелае бачанне рэальнасці можа прапанаваць трэці сектар, плюралістычны і разнастайны па сваім вызначэнні?

І нарэшце, у чым можа заключацца практычная карысць ад трэцяга сектара, сапраўды неабходная насельніцтву?

Ці ёсць адказы на гэтыя пытанні ў вас?

 

Сальнікава Юнэля, http://www.actngo.info/

 

Жанр: 
Организация: 

Добавить комментарий

(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.
(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.
(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.

Выберите рассылки, на которые вы хотите или не хотите быть подписанным.