Сайт об АКТуальных вопросах и ответах третьего сектора Беларуси

Статус

Locating you...

Pact: топ 10 падзей грамадзянскай супольнасці 2017

Традыцыйна, напярэдадні зімовых святаў, Pact падсумоўвае найбольш заўважныя дасягненні беларускай грамадзянскай супольнасці і змены ў асяродку, якія мелі ўплыў на грамадскае жыццё цягам года. Спіс падзей і тэндэнцый, акрэсленых у Топ 10, з’яўляецца далёка не поўным, але дае ўяўленне, якія пытанні былі ключавымі для грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 2017 годзе.

Топ 10 падзей грамадзянскай супольнасці Беларусі за 2012-2016 гады даступны на сайце Pact.

Тэма Года: Дэкрэт аб дармаедстве

У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №3, згодна з якім афіцыйна не працаўладкаваныя беларусы павінны былі сплочваць падатак на “сацыяльнае ўтрыманства”. Уступленне дэкрэта ў дзеянне ўзрушыла грамадскую актыўнасць і сталася прычынай масавых мірных пратэстаў у лютым-сакавіку 2017 года. Выхад на вуліцы тысячаў беларусаў прывёў да масавых затрыманняў, а таксама спынення дэкрэта да 2019 года.

Кампанія Года: BY_Help

Кампанія BY_Help  (Юлія Дарашкевіч, Ляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак), якая распачалася ў сакавіку 2017 года, прыцягнула ахвяраванні ў эквіваленце 55,000 даляраў з прыватных і карпаратыўных крыніц унутры і па-за межамі Беларусі. Сабраныя сродкі былі скіраваныя на падтрымку грамадзян і іх сем’яў, якія пацярпелі ў выніку вясновых пратэстаў, справы “Белага легіёна” і іншых.

Трэнд Года: Прыкметы дыялогу

Дзяржаўныя чыноўнікі становяцца сталымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў грамадзянскай супольнасці, такіх як Кастрычніцкі эканамічны форум, Сусветная нядзеля прадпрымальніцтва ці Мінскі Дыялог. Абмеркаванне перыядычнага даклада Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ), Паралельны форум грамадзянскай супольнасці напярэдадні 26-й сесііі ПА АБСЕ у Мінску і экспертныя кансультацыі па Нацыянальным плане дзеянняў па правах чалавека сведчаць пра прыкметы дыялогу.

Лакалізацыя Года: Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

Арганізатары - Інстытут «Палітычная сфера» - Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі анансавалі, што 8-ы Кангрэс адбудзецца ў Мінску. Прыблізная дата – 27-29 верасня 2018 года. Асноўным акадэмічным партнёрам будзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Цягам 7 апошніх год мерапрыемства адбывалася па-за межамі краіны - у Каўнасе ці Варшаве.

Выратаванне Года: Курапаты – Котаўка – Асмалоўка

2017 год вызначыўся перамогамі актывістаў па захаванні тэрыторый у Мінску, важных для мясцовых супольнасцей. Двухтыднёвая абарона Курапатаў, месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, прывяла да таго, што інвестар спыніў будаўнічыя работы. Грамадскі сквер у раёне Котаўка быў захаваны, дзякуючы ўпартым намаганням актывістаў і жыхароў. Мясцовыя жыхары гістарычнага раёна Асмалоўка дамагліся замарозкі планаў па разбурэнні.

Паслядоўнасць Года: Social Weekend

У 2017 годзе Social Weekend зладзіў 10-ы Нацыянальны конкурс сацыяльных праектаў. Конкурс адбываецца з 2013 года і збірае падтрымку на праекты ад беларускіх бізнес кампаній і асобных мецэнатаў. За час свайго існавання Social Weekend прыцягнуў больш за 150,000 даляраў на фінансаванне больш чым 150 праектаў, выбраных з 2,000 заяўнікоў.

Медыя-дапамога Года для грамадзянскай супольнасці: 34mag

Моладзевы анлайн часопіс 34mag.net цягам года рэгулярна размяшчаў карысныя матэрыялы для грамадскіх актывістаў. Напісаныя даходлівай мовай, публікацыі дапамагаюць лепш зразумець асаблівасці публічнай камунікацыі, арганізаваць мерапрыемствы або адукацыйныя інтэрвенцыі, а таксама знаёмяць з паспяховымі студэнцкімі ініцыятывамі Беларусі.

Грамадскі транспарт Года: Ровар для ўсіх!

Актывісты веларуху сталіся аднымі з найбольш арганізаваных і заўважных у 2017 годзе. Велакарнавал Viva Ровар! сабраў больш за 15,000 раварыстаў. 2-гі Міжнародны фестываль аматараў ровараў і Форум ПраРовар актуалізавалі шэраг пытанняў для шырокай грамадскасці. Больш за 700 роварыстаў далучыліся да  Міжнароднага аматарскага валамарафона Суседзі 2017 у Гродна; Міжнародны роварны фестываль Vezdevelom адбыўся ў Брэсце.

Хваляванне Года: Захад-2017

Сумесныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні “Захад-2017”, якія адбываліся ў верасні, выклікалі хваляванне ў некаторых грамадскіх колах. Грамадзянская супольнасць адыграла важную ролю ў арганізацыі грамадскага маніторынгу, а таксама прадстаўленні альтэрнатыўных поглядаў і аналізу магчымых сцэнароў. Нягледзячы на занепакой, Беларусь не была акупаваная.

І Нешта Зусім Незвычайнае: Урад Беларусі стаўся асноўным – хоць і супярэчлівым – ньюсмейкерам года

Адчыніўшы межы краіны праз скасаванне візаў для грамадзян больш чым 80 краінаў, урад Беларусі выкарыстаў сілу для разгону мірных пратэстаў і затрымання больш як 900 чалавек. Справа супраць “Белага легіёна” была спыненая, аднак суд над аўтарамі “Рэгнума” яшчэ працягваецца. У Мінску адбылося 26-е пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у той жа час перамовы з МВФ былі прыпыненыя. Лукашэнка легалізаваў крыптавалюты і зацвердзіў дэкрэт аб спрашчэнні вядзенні бізнесу, аднак заканадаўства аб сацыяльным утрыманстве не скасаванае.

Жанр: 

Добавить комментарий

(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.
(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.
(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.

Выберите рассылки, на которые вы хотите или не хотите быть подписанным.