Сайт об АКТуальных вопросах и ответах третьего сектора Беларуси

Статус

Locating you...

Навошта парасонікі для грамадзянскай супольнасці

Юбілей Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі дае нагоду паразважаць пра ролю і эфэктыўнасьць парасонавых структураў для беларускага грамадзянскага сэктара. Нягледзячы на ўсе размовы пра індывідуалізм ды размежаванасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў, гісторыя трэцяга сэктара і ягонага сталеньня - гэта рэгулярныя спробы кансалідацыі. БАРЦ, Зялёная сэтка, РАДА, Белсэтка антыСНІД, Жаночая Сэтка, Асацыяцыя арганізацыяў дадатковай адукацыі, рэгіянальныя кааліцыі прэзэнтуюць сабой этапы развою ўнутрысэктарных адгалінаваньняў.

Аб’яднаньне на падставе тэматычнай ці геаграфічнай еднасьці ёсьць у тым ліку паказчыкам сьпеласьці арганізацыяў, якія ў пэўны момант прыходзяць да разуменьня выгодаў супольнага існаваньня. Пры гэтым, у той час калі частка арганізацыяў уваходзіць у сэтку, прэтэндуючы ня больш чым на паляпшэньне інфармацыйнага абмену ды супольныя праекты, ініцыятары такіх аб’яднаньняў маюць перадусім інтарэс у павелічэньні палітычнай вагі й адпаведна атрыманьні большых дывідэндаў.

Па сутнасьці, сымбалічны крок дэкляраваньня “быць разам” дае магчымасьць, па-першае, займець сілу ў вачох дзяржавы, і па-другое, прэтэндаваць на большыя рэсурсы ад донараў.

Буйныя актары жадаюць мець справу з сабе падобнымі па ўзроўні – з тымі, якія маюць легітымнасьць прадстаўляць і артыкуляваць агрэгаваныя інтарэсы ладнай часткі соцыюму.

 

Эфэктыўны працэс

Адметна, што выгода насельніцтва ад паўстаньня новых мэта-ўтварэньняў пралічваецца толькі празь некалькі крокаў. Насамрэч, калі арганізацыя пачынае займацца пытаньнямі кааліцыйнага будаўніцтва, у яе менш рэсурсаў застаецца для наўпроставай працы з мэтавымі групамі. Бясконцы працэс перамоваў, пошукаў кансэнсусаў і агульнай пазыцыі, распрацоўкі мэмарандумаў, натуральна, умацоўвае ўнутраную дэмакратычную культуру сэктара, але часам захапляе настолькі, што місія служэньня народу (спадзяюся, так можна ў самых агульных словах сфармуляваць прызначэньне грамадзянскіх інстытуцыяў) падаецца менш прывабнай.

Нельга не пагадзіцца, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве арганізацыя ў складзе кааліцыі становіцца больш прафэсійным правайдарам паслугаў – прынамсі, у кааліцыі/сэтцы так ці інакш мусіць выпрацоўвацца пэўны стандарт якасьці працы і сэрвісаў. Пакуль жа наяўны досьвед сьведчыць: кодэксы, фармалізаваныя рэгулятары дзейнасьці паўстаюць перадусім у межах адной арганізацыі, якая зьяўляецца лідэрам у сваім пад-сэктары і выпрацоўвае ўзор якасьці, натуральна, не абавязковы для перайманьня астатнімі гульцамі.

Кааліцыя vs. арганізацыя

Выкажу сваё выключна пэрсанальнае меркаваньне адносна кааліцыяў, якія ствараюцца на працяглы тэрмін з доўгатэрміновай пэрспэктывай: я ня веру, што ў Беларусі яны зьяўляюцца больш моцнымі і эфэктыўнымі, чым асобна ўзятыя буйныя арганізацыі. І я разумею тыя інстытуцыі, якія робяць выбар на карысьць “сэпаратызму” і працягваюць працаваць выключна пад сваім брэндам.

Кажучы пра эфэктыўнасьць, я маю на ўвеце дасягненьне вынікаў па паляпшэньні сытуцыі ў супольнасьцях і грамадзтве ў цэлым. Прыклады многіх кампаніяў, якія рабілі і робяць кааліцыі, – гэта перадусім карцінкі, якія ілюструюць дынамічны і натхняльны працэс для ягоных выканаўцаў, што атрымліваюць асалоду ад прафэсіяналізму, сьмеласьці і крутасьці адзін (а) аднога (ой). У выніку ж праблема застаецца ў лепшым выпадку расьцярушанай, але ня вырашанай.

Натуральна, праекты асобна ўзятых арганізацыяў таксама часта зьяўляюцца “працэсуальнымі” паводле свайго КПД, калі кошт укладзеных рэсурсаў перавышае значнасьць дасягненьняў. Але ў арганізацыі шанцы атрымаць вынікі больш надзейныя, калі вырашэньне праблемы ёсьць ейным праграмным накірункам, а не проста асобным праектам – нават пры адсутнасьці ўстойлівага фінансаваньня арганізацыя, як правіла, працягвае свае штодзённыя намаганьні, якія звонку могуць падасца кроплямі, але, якія, як вядома, точаць камень.

І нарэшце, кааліцыі могуць ствараць пагрозу для разьвіцьця арганізацыяў, бо часам сваім парасонам так захінаюць сваіх сябраў ад астатняга сьвету, што абмяжоўваюць у пошуку новых магчымасьцяў і разьвіцьця ініцыятывы. Па сутнасьці, ствараецца патэрналісцкі цэнтар, які хоцькі-няхоцькі ўваходзіць у супярэчнасьць з маім улюбёным выразам, што ілюструе неабходнасьць плюралізму грамадзянскай супольнасьці, - “Няхай мноства красак квітнее”.

Мая расчараванасьць кааліцыямі з кожным разам узрастае тым больш, калі я бачу, як надарганізацыйны орган, створаны арганізацыямі для абслугоўваньня патрэбаў кааліцыі, становіцца самастойнай адзінкай і пачынае складаць канкурэнцыю сваім стваральнікам.

 

Асамблея vs. Нацплятформа

Што тычыцца агульнасэктарных утварэньняў, цяпер відавочныя два цэнтры сілы – Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і Нацыянальная плятформа Форума грамадзянскай супольнасьці Усходняга Партнэрства. Іхняя адначасовая наяўнасьць на адным полі рэпрэзэнтуе розныя генэрацыі лідэраў і арганізацыяў трэцяга сэктара. Калі Асамблея паўстала адказам на патрэбу пазыцыянаваньня дэмакратычна скіраваных арганізацыяў унутры краіны і супраціву антыдэмакратычным захадам дзяржавы, то Нацплятформа – гэта новы віток сьвядомасьці няўрадавых арганізацыяў, якія бачаць сябе паўнавартасным актарам, які сам гатовы (і мае здольнасьць) дыктаваць свае правілы гульні і скіроўваць сваю краіну ў эўрапейскую прастору.

Нягледзячы на тое, што лідэры абодвух кааліцыяў спрабуюць акрэсьліць розныя нішы для сваіх мега-ўтварэньняў, аднак відавочна, што кожная зь іх імкнецца “быць тварам” беларускай грамадзянскай супольнасьці і выступаць ад імя ўсяго сэктара.

Рухавікі Нацплятформы – гэта сучасныя добра адукаваныя беларусы зь веданьнем замежных моваў і наяўнасьцю палітычных амбіцыяў. Тыя ж палітычныя інтарэсы выяўляла і Асамблея ў часе свайго існаваньня – зігзагі ейнай актыўнасьці супадалі з палітычным календаром і выбарчымі кампаніямі.

Чыста фармальна Асамблея зь ейным 15-гадовым стажам і 300-мі сябрамі застаецца найбуйнейшым аб’яднаньнем арганізацыяў беларускай грамадзянскай супольнасьці. Але мала хто будзе спрачацца, што нягледзячы на свой дзіцячы ўзрост і адкрыты ліст падпісантаў, Нацплятформа больш прысутная і настойліва-агрэсыўная ў публічнай прасторы, а ейныя ініцыятывы і праекты патыхаюць прывабным віталізмам і здаровай дзёрзкасьцю.

Я ж працягваю трансьляваць свой пэсымізм на кааліцыі, незалежна ад іх ашаламляльнай дынамікі ці рэгрэсу, і паўтараю сваё рытарычнае запытаньне: наколькі эйфарыя/сінэргія супольнай працы ўплывае на сытуацыю ў краіне і якія рэальныя эфэкты дасягаюцца ў выніку працэсаў кааліцыябудаваньня?

 

Упершыню надрукавана ў часопісе Асамблея, красавік 2012 года

Жанр: 
Организация: 

Добавить комментарий

(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.
(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.
(If you're a human, don't change the following field)
Your first name.

Выберите рассылки, на которые вы хотите или не хотите быть подписанным.